КО́СТКІ НАПЕ́РСКАГА ПАЎСТА́ННЕ 1651,
сялянскае паўстанне ў Рэчы Паспалітай на чале з шляхціцам А.Л.Косткам Наперскім. У канцы 1650 ці ў пач. 1651 ён дамовіўся з Б.Хмяльніцкім пра пашырэнне сял. паўстання на тэр. Польшчы. Выкарыстаўшы паліт. сітуацыю (канцэнтрацыя польск. арміі на Украіне), разам з М.Радоцкім і С.Лянтоўскім арганізаваў сял. атрад і 14 чэрв. захапіў замак у Чорштыне (Малапольскае ваяв.), адкуль высылаў універсалы, з заклікам да сялян паўстаць супраць шляхты. Паўстанне ахапіла Падгалле (раён Прыкарпацця) і пагражала перакінуцца на Кракаў. Аднак 24 чэрв. войскі, сабраныя кракаўскім біскупам П.Гембіцкім, захапілі Чорштын. Костка Наперскі разам з Радоцкім і Ляптоўскім схоплены і пакараны смерцю (пасаджаны на кол). У пач. ліпеня паўстанне канчаткова задушана.
т. 8, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)